БЕЛАРУ́СКІЯ СЕ́КЦЫІ РКП(б),
бальшавіцкія арг-цыі, якія існавалі ў 1918—19 у Варонежы, Казані, Казлове, Маскве, Невелі, Петраградзе, Саратаве, Тамбове і інш. як частка мясцовых парт. арг-цый. Складаліся з рабочых і бежанцаў-беларусаў — членаў РКП(б). У іх кіруючае ядро ўваходзілі А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч, А.Х.Усціловіч, І.В.Лагун і інш. Працавалі ў цесным кантакце з Беларускім нацыянальным камісарыятам (Белнацкомам), праз яго газету «Дзянніца» дамагаліся рэалізацыі бел. народам права на самавызначэнне на аснове сав. ладу і ў саюзе з РСФСР. 21—23.12.1918 у Маскве адбылася канферэнцыя бел. секцый РКП(б), якая прызнала неабходным стварэнне Часовага рабоча-сял. ўрада Беларусі, выбрала Цэнтр. бюро бел. секцый РКП(б) на чале з Жылуновічам. ЦБ беларускіх секцый РКП(б) удзельнічала ў падрыхтоўцы паліт. дакументаў, звязаных з утварэннем БССР і КП(б)Б. На 1-м з’ездзе КП(б)Б у склад Цэнтр. бюро КП(б)Б выбраны Жылуновіч і Лагун. У склад Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі, які ўзначаліў Жылуновіч, увайшлі 9 прадстаўнікоў беларускіх секцый РКП(б). 15.1.1919 ЦБ КП(б)Б прыняло пастанову аб ліквідацыі ЦБ беларускіх секцый РКП(б). Бел. камуніст. секцыям, што дзейнічалі па-за межамі рэспублікі, было дадзена права працаваць пад яго кіраўніцтвам. Пасля ўтварэння Літ.-Бел. ССР (люты 1919) бел. секцыі РКП(б) пачалі аб’ядноўвацца з літоўскімі. ЦК РКП(б) зацвердзіў аб’яднанае літ.-бел. ЦБ пры ЦК РКП(б). З аднаўленнем 31.7.1920 БССР беларускія секцыі не былі адноўлены. А.М.Малашка.
т. 2, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)